бацька. Нажніцы саскоквалі і ня слухаліся. — «Зараз мы яго. Зараз. Раз!»
Лёся паглядзела на Лёччыка.
Лёччык паглядзеў на Лёсю.
Яны ўздыхнулі, узяліся за рукі і паволі пайшлі да бацькі. Сетка ўчапілася ў Лёччыкаву футболку, але Каця асьцярожна вызваліла яго — як стрэмку выцягнула.
«Усё будзе добра», — сказаў бацька. — «Я люблю вас. Цяпер мы ўжо ніколі…» І ён заплакаў, ляскаючы нажніцамі. Каці давялося вырваць іх у яго з рук. «Канчайце гістэрыку», — сказала яна і падхапіла заплечнік. — «Часу няма! Потым, потым!»
І вось яны ўжо беглі па ўзгорку, Каця, за ёй бацька, які трымаў за руку Лёччыка, і за імі Лёся, і лес рабіўся ўсё радзейшы, і аднекуль ужо чулася, як працуе трактар. Яны зьбеглі ўніз, пераскокваючы раўчукі і наступаючы на пні, і выскачылі на дарогу. Тут, зарыўшыся тварам у кусты, стаяла машына — нагрэты сонцам легкавік, унутры якога біўся тоўсты авадзень. Адчыненыя дзьверы не зрабілі на яго ніякага ўражаньня. Так яны і рванулі зь месца з аваднём, што насіўся між імі, бы шалёны, і пагналі па лясной дарозе, забраўшы з сабой задуху і ігліцу на лабавым шкле, якая ніяк не хацела абсыпацца, як ні трэсла машыну на купінах і лясным ламаччы.
Лёччык і Лёся сядзелі на заднім сядзеньні і глядзелі, як за вокнамі скача лес, і Лёччыку здалося, што ён на нейкі момант разгледзеў сетку, якая прамільгнула сярод дрэваў. Гэта быў вялікі лягер. Лягер, у якім цяпер ёсьць дзірка. Роўна такой вышыні, каб прапусьціць скрозь сябе дзіця. І праз гэтую дзірку ў лягеры цяпер маглі адбыцца самыя розныя падзеі.
Бацька выруліў на шашу, трэсьці перастала — і ён упершыню за гэты час усьміхнуўся. Паглядзеў на іх у люстэрка задняга агляду, але ні Лёччык, ні Лёся не ўсьміхаліся, і бацька зноў зрабіўся сур’ёзны.
«Не спыніць, не стрымаць… Галодныя? А, Лёччык?» — запытаўся ён. — «Нічога, хутка мы прыедзем у бясьпечнае месца, а там…»
«Шкада, мы з табой не падумалі», — сказала Каця, павярнулася і пагладзіла Лёччыка па галаве. Лёччыку гэта не спадабалася. Быццам гэта яна перад бацькам так выпіналася, жанчына з жоўтымі валасамі і вачыма, якім так і карцела ўцячы зь яе прыгожага твару. Каця дала Лёсі пакет чыпсаў — яны ня сталі іх есьці, так і ехалі: Лёся з пакетам у руцэ, і Лёччык, напружаны, утаропіўшыся ў акно. Там адна за адной праносіліся вёскі, мястэчкі, зноў вёскі — падобныя да выстаўленай на траву старой мэблі, якая чакае, што зараз, адпачыўшы крыху, яе схопяць дужыя рукі і пацягнуць угару па сходах. Там-сям на дарогах сядзелі людзі, расклаўшы проста на ўзбочынах яблыкі, ягады — «Я галодны», сказаў раптам Лёччык, і бацька ледзь ня скінуў хуткасьць, каб спыніцца ля купкі такіх гандляроў, што тырчалі проста пад сонцам у сваіх брудных панамах. «Ты што?» — крыкнула Каця, — «Нам нельга спыняцца! А ты чыпсаў паеж! Вунь жа чыпсы!», і іхная машына аддыхалася, зараўла і паляцела далей па шашы.
Але ўсё роўна было адчуваньне, што яны едуць усё павальней і павальней… Лёччыку нават падавалася, што прыдарожныя гандляры пасьпяваюць зазірнуць яму проста ў вочы. Каця заўважыла гэта і сказала бацьку: «Можа, ім на падлогу легчы? Іх жа запомніць могуць, вунь якія вочы ў гэтых, як радары!» Бацька прамаўчаў. Лёччык глядзеў на ўсе гэтыя сьлівы, грушы, чарэшні, суніцы, грыбы, якія ніхто не купляў — яны выглядалі так, быццам чакалі разам зь людзьмі на папутку, якая давязе іх да райцэнтру. Калі б я быў за стырном, я ўзяў бы вунь тое вядро, падумаў ён. Зь вішнямі. І пасадзіў бы на Каціна месца. І высадзіў бы вядро там, дзе яно скажа. А можа, і ня высадзіў бы. Адвёз бы ў лес і зьеў. І выкінуў бы пустое вядро ў возера, наклаўшы туды камянёў. І ніхто б нічога не даведаўся. Ён зірнуў на Лёсю — і падумаў, што вось хто-хто, а яна яго разумее. Бяз словаў.
«Трэба было ім нейкую гульню ўзяць, цацкі», — сказала неспакойная Каціна патыліца. — «Або мульцік які запісаць на твой лэптоп. Яны ж занудзяцца зусім. Яшчэ ж ехаць і ехаць!» Яна трымала на каленях вялікую мапу і цяпер рабіла выгляд, што занятая яе вывучэньнем.
«Каця!» — мякка прамовіў бацька. — «Зразумей. Гэта ня тыя дзеці…»
Адной рукой ён дастаў з бардачка кнігу, і Лёччык зь Лёсяй прагна пацягнуліся да яе — так, што ледзь не парвалі. Гэта быў нямецкі «Атлас аўтамабільных дарог Эўропы» 1939 году. Яны прысунуліся адно да аднаго і з захапленьнем пачалі гартаць. «Глядзі, глядзі! Тут польскія назвы закрэсьленыя!» — крыкнуў Лёччык. «Пункт адпраўленьня — Брэслаў!» — прапанавала Лёся. «І ў Данцыг!» — сувора папярэдзіў яе Лёччык. «Окэй». І яны пачалі вадзіць па мапе пальцамі, уголас чытаючы назвы. Гэтая справа заняла ў іх з паўгадзіны. Потым Лёччык заўважыў, што Лёся сьпіць у яго на плячы. Ён зірнуў у акно і пабачыў ваўка.
Сказаўшы шчыра, гэта быў не зусім воўк. Іхную машыну абганяў вялікі джып, і ў джыпе, за сьпінамі двух дарослых, сядзеў сабака і глядзеў на Лёччыка, быццам спрабаваў яго запомніць. Сабака, шэра-руды, каржакаваты, зь цягліцамі, што хадзілі ходырам па баках напятай шыі, з ашыйнікам, які колка блішчэў на імклівым шасэйным сонцы, і вушамі, якія стаялі тарчма. Вочы ў сабакі былі разумныя-разумныя. — а побач з сабакам сядзеў хлопчык у майцы без рукавоў і паказваў Лёччыку нехарошыя знакі. Усё гэта працягвалася мо якую хвіліну, джып няўхільна абганяў іх на гэтай шырокай дарозе, якая паступова ўздымалася да высокага празрыстага неба, цягнучы за сабой жоўтыя, як Каціны валасы, навакольныя палі. І тады Лёччык зрабіў вачыма кароткі рух, быццам падміргнуў сабаку, але не заплюшчваючы вока, а толькі скасавурыўшы яго — і сабака таргануўся маланкава ды схапіў хлопчыка зубамі за голае плячо. Зларадны рот раскрыўся так шырока, як мог, хлопчыка нібыта вывернулі да самых гляндаў, перад вачыма ў Лёччыка зрабілася чырвона, як калі загараеш пузам дагары — а далей ён нічога ня бачыў, джып абагнаў іх, рвануўся наперад, і тут жа нацягнутая струна хуткасьці лопнула, джып завіхляў і спыніўся ля ўзбочыны.
А іхная кампанія усё так жа ляцела наперад. Бацька нічога не заўважыў — ён пазіраў на Кацю, а яна адказвала яму нейкімі дзіўнымі позіркамі, і Лёччык падумаў, што гэтым дваім наперадзе цяпер дужа хочацца, каб і ён таксама праваліўся ў сон. Іх жа ажно трасе абаіх, думаў сказаць Лёсі Лёччык, аднак яна спала, а