плохо говоришь по-русски», — пахітала галавой мама. — «Надо бы тебя подучить. А когда мы приедем, с тобой будет заниматься гер Гюнше. Он немного знает эту мёртвую мову, которой научил вас папа — не знаю, зачем. Тебе надо будет очень стараться. Надеюсь, к новому году ты уже заговоришь и по-немецки».
«Я і так ужо крыху размаўляю!» — сказала Лёся. — «Мы з татам чыталі ў арыгінале Гётэ!»
«Не представляю, как бы ты здесь жила», — жахнулася мама. — «С таким произношением, не зная русского…»
«Проста там костачка», — Лёся адкрыла рот і паказала на яго пальцам. — «Мяне лячылі, але доктар сказаў, што…»
«Какая еще косточка? Не говори всякую чушь, Сиа!»
Мама паглядзела на яе так сумна, што Лёся вырашыла больш нічога не гаварыць і пакорліва падставіла маме сваю сьпіну.
А потым была ноч, і мяккая падушка, і новая лялька, якую Лёся назвала Лёччыкам. Хаця на хлопчыка яна зусім не была падобная. Бывае, што хлопчыкі падобныя да дзяўчатак, і наадварот, падумала Лёся. Зусім як на той знакамітай карціне, дзе сьвяты Еранім вучыць перакладчыкаў, што мова — гэта, насамрэч, не праблема.
А назаўтра падарожжа Лёсі працягвалася. Спачатку яны доўга ехалі на машыне, а потым пераселі на цягнік.
«Какая девочка», — сказаў памежнік, вельмі падобны да Баравоя Дохлага. Толькі вочы ў яго былі намаляваныя выразна, таленавіта. Зусім як жывыя. — «А братик у тебя есть?»
«Быў», — сказала Лёся, гледзячы ў гэтыя намаляваныя вочы амаль бяз страху. Ёй падабалася, калі справа выкананая з густам і дасьведчанай рукой. — «Брацік быў. Ён ператварыўся ў помнік, а я залезла ў яго, і газ на мяне не падзейнічаў».
«Чего-чего?» — вочы памежніка зрабіліся круглыя; гэта ж трэба так намаляваць, падумала Лёся.
«Так і застаўся стаяць каля хаты, быццам з чысьцюткага літы ільда», — сказала Лёся вельмі сур’ёзна. — «Ды не карой ледзяною пакрыты, ды не абліты вадой ледзяной, выліты з бронзы і сонцам абліты, будзе ён вечна стаяць над зямлёй».
Больш памежнік да іх не падыходзіў, толькі кідаў на маму спачувальныя позіркі.
Па абедзе яны апынуліся ў нейкім зусім незнаёмым горадзе, дзе гаварылі на такой мове, якой Лёсю ніколі не вучыў нават тата. Там яны паабедалі, як сьлед; таксі прывезла іх на лётнішча — і Лёся з жахам зразумела, што некалькі гадзін запар у яе пад нагамі ня будзе зямлі, а будуць лясы, лясы, такія дробныя і бяскрыўдныя, калі глядзець з вышыні, як трава. Лясы і дарогі. У небе, як высьветлілася, усё было як на зямлі. Толькі лес тут быў у тумане, белым, як раніцай. А дарогі былі такія, што Лёся абавязкова б заблукала, калі б апынулася тут адна.
Але ж цяпер яна нарэшце трапіла на мапу. Каб пераканацца ў гэтым, ня трэба было нават зазіраць ні ў якія атласы. Атлас быў унізе, проста пад яе нагамі.
У самалёце іх пакармілі. Даядаючы ёгурт з рассыпанымі па ім крошкамі мюсьляў, Лёся нарэшце падумала, што самы час спытаць у мамы… Спытаць самае важнае.
«А куды мы ляцім?»
«Догадайся», — сказала мама, занураная ў свой ноўтбук.
Лёся пасядзела, падумала, паглядзела ў ілюмінатар, і толькі потым, напалову запытальна, напалову сьцьвярджальна, адказала:
«У… У Б-брэмэн?»
«Ну конечно», — адмахнулася мама.
«А здымі зь мяне гэтую заколку. Яна дурацкая і цісьне».
«Не здыму», — раздражнёна сказала мама і паглядзела на Лёсю так, што яна зьехала на самы край сядзеньня, надзьмула вусны і вырашыла маўчаць, нават калі мама яе пра нешта папросіць.
Аблокі расступіліся перад імі, вушы ў Лёсі заклала, і яна заплюшчыла вочы. А калі расплюшчыла, пад крылом самалёта блішчаў рассыпанымі ў сутоньні агнямі вялікі і незнаёмы горад. Самалёт, пагойдваючыся, паволі зьніжаўся. Стуардэса паправіла на Лёсі рэмень, хаця ў гэтым не было ніякай патрэбы. Лёся абурана паглядзела ёй усьлед — стуардэса таксама азірнулася на яе і ўсьміхнулася. Яна нечым нагадвала маму, высокая, сьветлавалосая — толькі ўсьмешка ў яе была фальшывая, а пальцы такія халодныя. Дарма стараецца, зласьліва падумала Лёся і паказала прыгожай стуардэсе язык.
2013–2014 Гамбург-Вісбю-Дзеравянкі-Менск